Наши контакты:

smolevichi.ort@gmail.com

ПАСЛАННЕ ДА РАЖДЖАСТВА ХРЫСТОВАГА Праасвяшчэннага Веніяміна епіскапа Барысаўскага і Мар'інагорскага

7 Январь 2020
 Январь 7, 2020

ПАСЛАННЕ  ДА  РАЖДЖАСТВА  ХРЫСТОВАГА

Праасвяшчэннага Веніяміна

епіскапа Барысаўскага і Мар’інагорскага

Прыйдзіце, узрадуемся ў Госпадзе ,

усклікнем Богу  Спасіцелю нашаму! 

 (Пс. 94: 1)

Узлюбленыя ў Хрысце высокашаноўныя айцы,

пачэсныя  інакі і інакіні,

дарагія браты і сёстры!

     З малітоўнай радасцю віншую ўсіх вас з вялікім і светлым святам Ражджаства Хрыстовага! Сёння мы зноў  услухоўваемся ў ангельскія словы, якія ўзвяшчаюць ўсім людзям вялікую радасць: «нарадзіўся вам сёння ў горадзе Давідавым Спасіцель, Які ёсць Хрыстос Гасподзь» (Лк.  2: 11).

     У чым жа крыніца гэтай радасці? Чаму нараджэнне ў Віфлееме дзіцяці Хрыста збірае ў храмах мільёны людзей і натхняе іх адзінымі вуснамі і адзіным сэрцам ўзносіць Богу хвалебную песню: «Слава ў вышніх Богу і на зямлі мір, у людзях добрая воля» (Лк. 2: 14)?

     Раскрываючы сэнс гэтай падзеі, свяціцель Іаан Златавуст усклікае: «Цяпер ад Дзевы-Маці Марыі Хрыстос Іісус нарадзіўся, калі ўжо настаў час, каб нас прывесці да Айца вечнага. Бог стаў чалавекам, каб чалавек стаў Богам. Цяпер заззяў дзень Новага спасення, дзень, які спрадвеку, раней за ўсё, быў падрыхтаваны, дзень  шчасця вечнага».

     У падзеі Нараджэння Хрыстовага адкрываецца нам спрадвечная таямніца адносін Бога да чалавека і сэнс чалавечага быцця. Пра гэтую таямніцу  кажа апостал Іаан Багаслоў, раскрываючы галоўную ўласцівасць Бажэственнай  прыроды: «Бог ёсць любоў» (1 Ін. 4: 8). Менавіта любоў Бога да чалавека прыводзіць да цуда Ражджаства  Хрыстовага, да таямніцы Богаўцялеснення. Любоў, перш за ўсё, з’яўляецца ключом да разумення сэнсу таго, што адбылося больш за дзве тысячы гадоў назад у Віфлееме.

    Пакорнае яўленне Хрыста  адбылося не ва ўтульным чалавечым жыллі, а ў яслях для жывёлы таму, што так лягчэй было Госпаду наблізіць да Сябе людзей. Свяціцель Філарэт Маскоўскі цудоўнымі словамі тлумачыць гэтую ісціну: «Паколькі чалавек не адважваўся наблізіцца да Бога і  далучыцца да славы Яго, Бог набліжаецца да чалавека і далучаецца да яго прыніжэння… Каб нямоглае стварэнне не знікла ад славы ўсемагутнага Тварца, Ён ужо не апранаецца ў славу, але ў бездапаможнае … дзяцінства і ва ўбогія пакрывалы».

     Далейшы шлях Госпада, ад Віфлеемскіх ясляў да Галгофскай гары, яўляе нам няспыннае бажэственнае «знясіленне»  дзеля выратавання чалавека. І гэты шлях разам з Госпадам прапануе нам прайсці Царква ў наступным пасля Ражджаства літургічным цыкле. Святы Хрышчэння, Стрэчання, Вялікі пост, Тыдзень Пакутаў, і, нарэшце, Пасха – усе гэтыя вехі ў домаўладкаванні нашага спасення мы прызваны прайсці, глыбока перажываючы ў сваіх сэрцах гэтую вялікую таямніцу  Божай любові да чалавецтва.

     Любоў дорыць адзінства, грэх жа вядзе да процілеглага. Менавіта адсутнасць паўнаты зносін з Богам і творыць усе раздзяленні, якія існуюць у свеце. Гасподзь Іісус Хрыстос Сваім уцялесненнем, пропаведдзю, пакутамі і смерцю паказвае той шлях, на якім пераадольваюцца раздзяленні і сама смерць. «Як Ты, Ойча, ува Мне, і Я ў Табе, так няхай і яны ў Нас будуць  адно» (Ін. 17: 21). Гасподзь стаў чалавекам, каб кожнага веруючага ў Яго прывесці ў цяснейшыя зносіны з Богам, а разам з гэтым пераадолець адвечную адчужанасць у чалавечых адносінах.

     Увесь свет, раней раздроблены і раздзелены, аб’ядноўваецца вакол ясляў, у якіх ляжыць Богадзіця Хрыстос. Людзі і ангелы, бедныя і багатыя, знатныя і нязнатныя, мудрыя і простыя, жывая прырода і нават неадушаўлёная матэрыя – усе прыходзяць да свайго Тварца і Бога і прыносяць Яму ў дар тое, што яны здольны прынесці. Пра гэта гаворыць нам кандак свята, раскрываючы яго найглыбейшае веравучыцельнае значэнне: «Дзева сёння нараджае Вышэйшага за ўсякую істоту, і зямля вярцеп Непрыступнаму прыносіць; ангелы з пастухамі праслаўляюць, а валхвы з зоркаю падарожнічаюць; бо дзеля нас нарадзілася Дзіцятка малое Спрадвечны Бог».

     У нашым свеце яшчэ вельмі шмат раздзяленняў і варожасці. Таму на нас, хрысціянах, ляжыць асаблівая адказнасць у захаванні і прымнажэнні духа міру і згоды ў сямейных адносінах, у прафесійных калектывах і ў тым грамадстве, у якім мы жывем. А калі вакол нас бушуе мора варожасці і нянавісці, мы пакліканы быць закваскай, якая ўносіць у навакольны свет благадатны і жыватворчы пачатак, прынесены нашым Спасіцелем, Які нарадзіўся ў Віфлеемскай пячоры.

     Сёння таксама мы малітоўна праслаўляем Прасвятую Багародзіцу, Якая дала Сваю плоць Спасіцелю і Якая стала лесвіцай, што злучыла неба і зямлю. Асабліва радуе тое, што ў нашай епархіі аднойдзены дзве Яе цудатворныя іконы: Мар’інагорская і Вяляціцкая, што відавочна напамінае пра заступніцтва Багародзіцы, аднаўляе памяць пра глыбокія традыцыі шанавання Нябеснай Уладычыцы на нашай зямлі. Хацелася б заклікаць усіх клірыкаў і міран нашай епархіі паклапаціцца пра тое, каб ва ўсіх благачыннях былі шанаваныя іконы Божай Маці, каб Імя Яе няспынна праслаўлялася і ў нашых храмах, і ў нашых сэрцах.

     Дарагія ў Госпадзе браты і сёстры! Віншуючы ўсіх вас з вялікім святам Ражджаства Хрыстовага і Навалеццем, малітоўна жадаю, каб нашы сэрцы напаўняліся радасцю ў Госпадзе, Які нарадзіўся, каб мір і згода былі ў кожным доме. Добрага вам здароўя, усемагутнай дапамогі Божай, і няхай святло Віфлеемскай зоркі асвячае ўсе шляхі, па якіх нам належыць прайсці ў Новым годзе!

З любоўю ў Спасіцелі, Які нарадзіўся ў свет,

ЕПІСКАП БАРЫСАЎСКІ І МАР’ІНАГОРСКІ

 

Источник: Борисовская епархия

Comments are closed.